10 снежня – Дзень правоў чалавека
Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч са сваімі паплечнікамі падтрымаў ініцыятыву баранавіцкіх актывістаў.
Ён накіраваў заяву да старшыні Мінскага гарвыканкама Міхаіла Паўлава з просьбай развесіць у Мінску расцяжкі, прысвечаныя 60-годдзю прыняцця Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека была прынята на трэцяй сесіі Генеральнай асамблеі ААН 10 снежня 1948 года. Рэспубліка Беларусь была адным з падпісантаў гэтай дэкларацыі і ў сваёй Канстытуцыі абвясціла правы чалавека найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Дэкларацыя стала першым міжнародным афіцыйным прызнаннем таго, што ўсе людзі маюць роўныя правы і свабоды па праву нараджэння, і да сёння яна не страціла сваёй актуальнасці і значнасці. “Наш абавязак - забяспечыць, каб гэтыя правы сталі жыццёвай рэальнасцю, каб кожны чалавек іх ведаў, разумеў і карыстаўся імі, дзе б ён ні быў. Яшчэ часта можна сустрэць людзей, якія маюць патрэбу ў абароне сваіх правоў. Яшчэ часта можна сустрэць людзей, якім патрэбна распавесці пра існаванне Дэкларацыі правоў чалавека, пра тое, што гэтыя правы існуюць для ўсіх”, - адзначае Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун.






