Мілінкевіч даслаў ліст Хэльзе Шмід
Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч у лісце дырэктару Генеральнага сакратарыята Рады Еўрапейскага Звязу Хэльге Шмід падкрэсліў неабходнасць поўнага спынення палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.
Лідэр Руху “За Свабоду звяртае ўвагу Хэльгі Шмід на працяг далейшага палітычна матываванага пераследу беларускай моладзі. Ён нагадвае пра тое, што апошні фігурант “Справы 14” Аляксандр Баразенка вось ужо месяц знаходзіцца ў СІЗА, што 10 чалавек, якія праходзілі па гэтай справе, хоць і не за кратамі, але нясуць несправядлівае пакаранне − абмежаванне волі; што 29 студэнтаў, якія вучацца ў Польшчы па праграме К. Каліноўскага, не могуць вярнуцца на радзіму з-за таго, што ім пагражаюць крымінальныя справы нібыта за ўхіленне ад службы ў войску.
“Цалкам падтрымліваючы палітыку дыялогу і супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім Саюзам і Беларуссю, я перакананы, што папярэдняй умовай для такой палітыкі і найлепшай праявай добрай волі беларускага ўраду будзе поўнае і безумоўнае спыненне палітычна матываванага ціску і пераследу беларускіх дэмакратычных актывістаў”, − піша Аляксандр Мілінкевіч.
У сваім лісце да дырэктара Генеральнага сакратарыята Рады Еўрапейскага Звязу Аляксандр Мілінкевіч адзначае, што беларускі урад здольны зрабіць гэты крок, які адпавядае прынцыпам маральнай палітыкі і стварэнню лепшых умоў для роўнага і ўзаемавыгаднага дыялогу і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕЗ.
Нагадаем, што на сярэдзіну снежня запланаваны візіт спадарыні Хэльгі Шмід у Мінск.






