Алесь Лагвінец: Можна быць паспяховым і не ісці ва ўслужэнне гэтаму рэжыму
Сухараўская акруга № 30па выбарах дэпутата Мінскага гарсавета – адна з найбольш пладавітых – за дэпутацкі мандат змагаюцца сем кандыдатаў. Адзін з сямёркі – 38-гадовы палітолаг Алесь Лагвінец, які пазіцыянуецца як беспартыйны кандыдат. Хаця не хавае, што з’яўляецца адным з сузаснавальнікаў руху “За свабоду”.
Выбарчая кампанія набліжаецца да фінішу, аднак у жыцці гэтага не бачна – вакол цішыня і спакой.
Сённяшні госць – кандыдат у дэпутаты Мінскага гарсавета Алесь Лагвінец.
-Сухараўская акруга – найбольш пладавітая, відаць, не толькі ў Мінску, але і ў краіне – разам з Вамі на дэпутацкі мандат прэтэндуюць сямёра кандыдатаў. Як Вы пачуваецеся ў гэтым акружэнні?
-Гэта больш пытанне да выбаршчыкаў. Але я сябе адчуваю вельмі камфортна. За час сваёй палітычнай кар’еры я абышоў тысячы кватэр і, думаю, размаўляю той мовай, якую людзі хочуць пачуць, - мовай праблем, што існуюць. Я не баюся палітычнага акрэслівання - ёсць незалежныя кандыдаты, якія хочуць падацца белымі і пухмянымі. Можа быць, на пачатку палітычнай кар’еры гэта і варта рабіць, але надыходзіць момант, калі трэба казаць канкрэтна і не цурацца ўласных поглядаў. І ў той жа час быць вельмі блізкім да людзей, давяраць людзям. На фоне шасці кандыдатаў я буду старацца выглядаць самым дынамічным кандыдатам, які мае самую актыўную каманду.
-Хто з Вашых сапернікаў уяўляе найбольшую пагрозу?
-Чацвёра з іх – гэта праўладныя кандыдаты, трое – незалежныя кандыдаты.
Відавочна, што ў кожнай акрузе ёсць афіцыйна вызначаны кандыдат. У маёй акрузе – гэта дырэктарка школы; адзінае, што магу падаць у якасці характарыстыкі – яна была старшынёй участковых камісій ва ўсіх кампаніях, пачынаючы з 2004 года. І гэтым усё сказана.
-Як Вы скарысталі час пасля рэгістрацыі кандыдатам? Слава Богу, ужо два тыдні мінула…
- Былі Вялікодныя святы, таму ўсё яшчэ наперадзе. Мы распрацавалі ўлётку, канцэпцыю агітацыйнай кампаніі.
Разынкай маёй кампаніі стане збор подпсіаў за пабудову парку актыўнага адпачынку ў Сухарава. Гаворка пра парк для падлеткаў і моладзі, дзе можна будзе катацца на ролерах, на скейтбордах. У маім мікрараёне ёсць добрая натуральная пляцоўка, горка, якую можна ўпарадкаваць.
План, які незалежны архітэктар распрацаваў для мяне, прадугледжвае пабудову трамплінаў, пляцоўкі для скейтбордынгу і ролерспорту, ўстаноўку лавак – нешта кшталту міні-стадыёну, дзе можна праводзіць культурніцкія мерапрыемствы. І гэта стане асноўнай тэмай маёй кампаніі. Мы з архітэктарам гатовы пайсці ў Мінскі гарвыканкам – і адстойваць наш праект.
-То бок, вы ўжо гатовы, каб пачынаць дэпутацкую дзейнасць?
-Так-так. Усё мусіць супасці – інфармаванне пра парк актыўнага адпачынку (яго мы называем “Multipark”, паўстане нават асобны сайт), за гэта мы збіраем подпісы. Я працую на будучыню – а гэты праект мусіць закрануць маладых людзей. Я буду балатавацца да таго моманту, пакуль я не выйграю, альбо не ўбачу, што мая палітычная фігура недаспадобы маім выбаршчыкам. А гэта я магу ўбачыць толькі тады, калі будуць сумленныя, справядлівыя выбары і рэальны падлік галасоў.
Я скажу, быць можа, крамольную рэч: сённяшняе выбарчае заканадаўства не такое і кепскае. Каб былі мае людзі ў камісіях і быў рэальны падлік галасоў – нават у межах сённяшняй выбарчай сістэмы можна праводзіць добрыя кампаніі.
-Але Вы не маеце ні людзей у камісіях, і спадзявацца на падлік галасоў не даводзіцца?..
-Так. Я ўдзельнічаю ў выбарчых кампаніях з 2004 года – я разумею, якімі будуць гэтыя выбары і які вынік мне напішуць. Скажу адно: у мяне ёсць спісы ўсіх выбарчых камісій па маёй акрузе з 2004 года – персанальны склад працэнтаў на 95 застаецца нязменным.
У мяне ёсць “гісторыя перамогаў” – гэта сабраныя подпісы за будаўніцтва паліклінікі, рашэнне пра якую прымаў Мінгарвыканкам у 1998 годзе – першы раз, і ў 2000 годзе – другі. Разам з паліклінікай мусілі здаць у эксплуатацыю чатыры басейны. У 2005 годзе паліклініку ў Сухарава мусілі ўжо здаць. Толькі пад выбары 2007 года пачалі будаўніцтва паліклінікі, а здалі толькі ў 2009 годзе; басейнаў няма дагэтуль. Мы мабілізавалі людзей – і вымусілі ўлады пачаць будаўніцтва. Мы сабралі дзве з паловай тысячы подпісаў - каб мабілізаваць людзей, каб паказаць людзям, што мяне хвалюе праблема, і як палітык я яе палітызую.
І цяпер я паспрабую тое ж зрабіць з паркам актыўнага адпачынку.
-Наколькі актуальная гэтая праблема для мікрараёна?
-Сухарава – малады раён; па традыцыі, будуюцца проста дамы – а сацыяльнай інфраструктуры няма. І маладым людзям проста няма куды сябе дзець.
-Ці ведаюць Вашы выбаршчыкі пра вашую ініцыятыву?
-Частка людзей ведае. На жаль, шырокіх камунікацыйных сувязяў у акрузе ў мяне няма – і гэта вялікі недахоп. Таму кожная кампанія па сутнасці атрымліваецца як новая.
-Алесь, скажыце: гэта не першая выбарчая кампанія, у якой вы ўдзельнічаеце, але першая – па змененым Выбарчым кодэксе. Ці змянілася на практыцы нешта?
-На практыцы для спальных раёнаў сітуацыя крыху палепшылася. Першае: пікеты па збору подпісаў можна ставіць па ўведамляльным прынцыпе і ў любых месцах. Збольшага ў спальных раёнах (падкрэсліваю: у спальных раёнах) месцы, дзе большасць людзей ходзіць, не падпадаюць пад забарону.
Другая рэч. У мяне ў акрузе чатыры месцы, дзе можна ставіць пікеты для агітацыі, а ў 2007 годзе нават стэнды можна было ставіць толькі ў адным месцы. Гэта на акругу, дзе жывуць каля 30 тысяч выбаршчыкаў!
-Не маючы сваіх людзей у камісіях і не спадзеючыся на рэальны падлік – на што вы разлічваеце, ідучы на выбары?
-Я прадстаўляю якасную альтэрнатыву, я інфармую людзей пра магчымасці ўнутры акругі і пра агульнанацыянальныя магчымасці (нездарма ў мяне на лістоўцы ёсць Аляксандр Мілінкевіч). Я кажу, што сёння няма выбараў, але я ўдзельнічаю ў іх. Не кожны сёння ў нашым грамадстве можа дазволіць сабе адкрыта сказаць, што ён выступае за іншую Беларусь, за лепшую Беларусь. Для мяне гэта вельмі важна. Я працую на будучыню, але – зараз. Калі зараз мы не праводзім выбарчую кампанію – мяне няма, нас няма. Я адзіны беларускамоўны кандыдат, які праводзіць кампанію па-беларуску – гэта таксама вельмі важна.
Я паказваю сваёй кар’ерай, сваімі дасягненнямі – а я лічу сябе чалавекам паспяховым – што можна быць паспяховым і не ісці ва ўслужэнне гэтаму рэжыму.
Даведка
Алесь Лагвінец, 38 гадоў. Нарадзіўся 14 студзеня 1972 года ў вёсцы Дворышча Хойніцкага раёну. Жыве ў мінскім мікрараёне Сухарава 10 гадоў. У 2006 годзе арганізаваў збор подпісаў за будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне (сабраў 2500 подпісаў). У выніку паліклініка летась запрацавала.
Адзін з сузаснавальнікаў руху “За свабоду”. З 2007 года – дарадца Аляксандра Мілінкевіча. Выкладчык паліталогіі. Скончыў аддзяленне міжнародных адносін БДУ, Інстытут палітычных навук у Страсбурзе і Дыпламатычную Акадэмію ў Варшаве. Выкладаў ў Беларусі, Расіі, Украіне, краінах ЕС і ЗША. Валодае пяццю мовамі. Працаваў перакладчыкам у Еўрапарламенце.
Жанаты, сыну 15 гадоў. Любіць футбол, плаванне і велапрагулкі.






