Байкатаваць ці змагацца? (Відэа)
Сёлетнія мясцовыя выбары маюць стацца тэстам на дэмакратычныя змены і задзелам на будучыя выбары прэзідэнта. А таму і апазіцыйныя палітыкі выкарыстоўваюць мясцовую кампанію, каб нагадаць грамадзянам пра галоўны выбар краіны ў палітычным календары.
Вясна – пакуль толькі паводле календара, як і выбары дэмакратычныя – толькі на паперы. Гэта разумеюць і апазіцыйныя палітыкі, і шараговыя выбарцы.
ПЕНСІЯНЕРКА, ВЫБАРНІЦА, МЕНСК
“Я ні за каго не хаджу галасаваць, бо галасуюць і так усё без мяне”.
Тым не менш, пікеты дзеля падтрымання дэмакратычных прэтэндэнтаў у мясцовыя саветы выклікаюць у людзей цікавасць. Асабліва калі дапамагае збіраць подпісы маладому палітыку экс-кандыдат на прэзідэнта Аляксандр Мілінкевіч. Лідэр руху “За свабоду” мае намер другі раз кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку ў змаганні за крэсла кіраўніка краіны. Таму гэтая выбарчая кампанія – рыхтаванне і да прэзідэнцкай.
АЛЯКСАНДР МІЛІНКЕВІЧ, ЛІДЭР РУХУ “ЗА СВАБОДУ”:
“Мне вельмі цікава, што гавораць людзі. Можна чытаць навуковыя трактаты пра сацыялогію – яны важныя. Але лепш за ўсё слухаць людзей. Пры гэтым не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў малых, і нават у вёсках”.
Для Алеся Лагвінца, які мае намер балатавацца ў Менскі гарсавет, галоўная мэта кампаніі нават не дэпутацкі мандат. Пасля таго, як улады не ўключылі ва ўчастковую камісію ніводнага прадстаўніка спадара Лагвінца, ён зразумеў, што сумленнай барацьбы не будзе, і шанцы на перамогу – мізэрныя. А таму цяпер Алесь выкарыстоўвае выбарчую кампанію, каб дапамагчы людзям вырашыць іхныя праблемы.
АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, РУХ “ЗА СВАБОДУ”:
“Вось тут стаіць паліклініка побач. Яна была пабудаваная сёлета. Мы за яе ў 2006–2007 гг. сабралі больш за 2,5 тысячы подпісаў, і яе нашмат хутчэй пабудавалі. Вось гэта і ёсць канкрэтны вынік нашай мясцовай кампаніі”.
І нават калі 25 красавіка Алесь Лагвінец не пройдзе ў Гарадскі савет, падчас гэтай выбарчай кампаніі ён ужо здабыў значана большае, чым дэпутацкі мандат: сімпатыі ды ўдзячнасць жыхароў Сухарава.
Прадстаўнікі апазіцыі на выбарчых участках рэпрэзентаваныя толькі ў сімвалічнай колькасці, шмат якія кандыдаты падпалі пад моцны ціск з боку ўладаў. Але прынамсі частка апанентаў сённяшніх уладаў не адмаўляецца ад свайго далейшага змагання на мясцовых выбарах. Хаця б дзеля таго, каб распавесці беларусам пра альтэрнатыўны шлях развіцця краіны.
Алесь Залеўскі, “Аб’ектыў”






