Камп’ютарныя сеткі Сухарава пад пагрозай?
Сёння ў сталіцы стаць абанентам хатняй сеткі можна практычна ў кожным доме, асабліва ў спальных раёнах. Па некаторых ацэнках, рост рынка хатніх сетак складае каля 200% у год. Сухарава тут не выключэнне. У нас да сетак падлучаныя тысячы карыстальнікаў.
Да 2007 году існаванне сетак не ставілася пад пытанне. Але ў сакавіку 2007 намдырэктара Дэпартаменту фінансавых раследванняў заявіў, што будуць прымацца меры па “ўпарадкаванні” карыстання хатнімі сеткамі. У снежні мінулага году з такой жа заявай выступіў Мінгарвыканкам. Вельмі верагодна, што ў бліжэйшы час хатнія сеткі могуць проста перарэзаць, а значыць пазбавіць карыстальнікаў таннага і зручнага доступу да Інтэрнэту.
Прадстаўнікі ўлады кажуць пра “ўпарадкаванне”, але ўсё паказвае на тое, што сапраўднымі прычынамі барацьбы супраць развіцця лакальных сеткаў з’яўляецца жаданне дзяржаўных структураў кантраляваць абмен інфармацыяй паміж карыстальнікамі і імкненне абкласці падаткамі і гэты сегмент рынку паслуг.






