Уваход


рэгістрацыя
Навіны
"Навіны Сухарава №3"
Навіны Сухарава №3
№2  №1 
Падлучайцеся
Ales Lahviniec on Facebook Follow Ales Lahviniec on Twitter Ales Lahviniec on LiveJournal Ales Lahviniec Vkontakte
Стужка
RSS 2.0 Feed ATOM Feed
Кантакты
8 (029) 509-90-93
8 (029) 606-10-34
info@sunaviny.org
П.С. 148 г. Мінск 220005
Рух "За Свабоду"
Аляксандр Лагвінец

Такім чынам, я зноў балятуюся ў маім Сухараве. Я ўсьведамляю ўсе рызыкі быць кандыдатам і праводзіць кампанію ва ўмовах адсутнасьці рэальнага падліку галасоў. Але я іду на “выбары”, каб у выбарцаў існавала сапраўды якасная альтэрнатыва. Няхай сёньня мой выбарца ня ў стане адстаяць свой голас на выбарчым участку або на Плошчы, але галоўнае, каб у яго ўвесь час была магчымасьць выбару, гэта значыць — магчымасьць мысьліць, ацэньваць, параўноўваць і выбіраць.

Я ўдзельнічаю ў кампаніі, нават ведаючы, што ў пэўным сэнсе мая кандыдатура “выкарыстоўваецца” ўладамі для легітымацыі выбараў — маўляў, бачыце, нават “апазыцыя” ў нас бярэ ўдзел. Але я ўсьведамляю і свае “выгады”. Карацей, выкарыстаю такое параўнаньне: выбары ў Беларусі — гэта граблі. Але непрагматычны чалавек, ведаючы, што, наступіўшы на граблі, можна атрымаць па ілбе, іх проста абыходзіць. У той жа час руплівы гаспадар карыстаецца розным рыштункам, каб трымаць у парадку гаспадарку. Для мяне граблі-выбары — неабходны, але недастатковы палітычны інструмэнт, каб прыбраць аўтарытарнае сьмецьце ў нашым агульным доме, Беларусі.

Збор подпісаў. 07/2008

Вось выгады ад удзелу ў выбарчай кампаніі сёньня:

1) трымаць “руку на пульсе” грамадзкіх настрояў, вывучаць і аналізаваць сытуацыю (анкетаваньне, размовы) і напрацоўваць давер у выбарцаў ад кампаніі да кампаніі. Паколькі за адну кампанію стаць супэрвядомым і замацавацца ў сьвядомасьці ў якасьці адзінай альтэрнатывы не выпадае, менавіта рэгулярныя якасныя кампаніі ў адной акрузе (а ня кожны раз у новай!) ствараюць падмурак і замацоўваюць пазыцыі для далейшай дзейнасьці і для наладжваньня іншых каналаў камунікацыі з выбарцамі па-за межамі выбарчых (дазволеных) кампаніяў.

2) пашыраць кола прыхільнікаў нават сярод тых, хто зусім апалітычны ці ня вызначыўся. Тыя, хто “супраць усіх” альбо ня ходзяць на выбары, узятыя агулам, — гэта і ёсьць сапраўдная “бальшыня” беларускіх выбарцаў. Тут важна стварэньне палітычнай (а не дэпалітызаванай) камунікацыі і контр-ідэалягічнага інфармаваньня ў маёй акрузе. Просты прыклад: цягам 6 гадзінаў у нядзелю 14 сакавіка на пікеце па зборы подпісаў за маё вылучэньне ў самым наведвальным месцы Сухарава на стэндзе быў разьмешчаны партрэт сябра маёй ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Зараз, калі па Менску ў сярэднім па 5 кандыдатаў на акругу, нашу адсутнасьць ніхто і не заўважыць. А мы ёсьць! Больш за тое, мы хочам, каб нас зразумела і падтрымала бальшыня грамадзтва!

Пікет па збору подпісаў 03/2010

4) дзейнічаць асымэтрычна — гэта значыць праз удзел у кампаніі і агучваньне найбольш сур'ёзных праблемаў так ці інакш прыцягваць увагу грамадзтва, мэдыяў (незалежных і афіцыйных) і ўладаў да сытуацыі ў маёй акрузе. Улады, прынамсі, пачнуць заўважаць праблемы дадзенай акругі. Яны, вядома, не прызнаюць “першакрыніцу”, але ж галоўнае ў дадзеным выпадку — гэта вынік. Так было з паліклінікай у Сухараве, якую адчынілі ў 2009 годзе. Дарэчы, у гэтай выбарчай кампаніі я атрымаў ускоснае прызнаньне маёй дзейнасьці: праўладны дэпутат, які дагэтуль двойчы прызначаўся на дэпутацтва ў Сухараве, “перабег” на іншую акругу.

5) даваць выбарцам доказы, што сапраўдных выбараў у нас няма, таму давер да кандыдата — гэта толькі частка падтрымкі, хоць і важная. “Змагацца” трэба таксама за ўмовы выбараў ці хаця б усьведамляць, якія ў нас рэальныя ўмовы. Таму, зьбіраючы подпісы за мяне, мы адначасова паказваем здымкі з выбарчых участкаў і тлумачым, што незалежныя назіральнікі ня маюць магчымасьці адсочваць, якія “цуды” адбываюцца над скрынкамі для галасаваньня.

Буклет пра назіраньне на участках

6) павялічваць кола актыўных прыхільнікаў і “трэніраваць” чальцоў каманды, перадаючы ім каштоўны досьвед палітычнае працы. Я перакананы, што палітык, які ідзе на выбары (мясцовыя, парлямэнцкія, прэзыдэнцкія) , сам не павінен цурацца гэтае рэальнае працы і гэтым падаць прыклад сваёй камандзе: сам зьбіраць подпісы, сам хадзіць ад “дзьвярэй да дзьвярэй” сваіх выбарцаў, сам стаяць у пікетах.

Такім чынам, я займаюся грамадзкай справай, бо рабіць інакш не дазваляе сумленьне. Гэта й ёсьць сапраўдны сэнс слова “палітыка”: не барацьба за ўладу, а фармаваньне й рэалізацыя прапановаў, якія датычацца штодзённага жыцьця людзей.

А выбарчая кампанія — адзін з важных інструмэнтаў.

 
Крыніца: Радыё свабода
Аляксандр Лагвінец
8 красавіка 2010 у 11:04