Адкрыты зварот Аляксандра Лагвінца да Анатоля Лябедзькі з прапановай правядзеньня дэмакратычных "перадвыбараў" па Сухараўскай выбарчай акрузе.
Паважаны Анатоль Уладзіміравіч!
Восеньню гэтага году мае адбыцца выбарчая кампанія ў так званы парлямэнт. Сярод дэмакратаў падыходы да гэтай кампаніі далёкія ад аднастайнасьці. Для адных, прынцып “адзіны кандыдат на адну акругу” – важная ўмова, якая вядзе да посьпеху, для іншых, большая колькасьць дэмакратычных кандыдатаў спрыяе лепшаму інфармаваньню выбарцаў і не ўплывае на канчатковыя лічбы, якія малююцца кіраўнікамі выбарчых камісіяў пад дыктоўку мясцовых адміністрацыяў. Кожны з адзначаных падыходаў мае свае моцныя і слабыя бакі. На маю думку, галоўная задача ўдзелу ў такой выбарчай працэдуры – гэта будаваньне даверу да прыхільнікаў дэмакратычных зьменаў у нашай краіне.
Рада АДС прыняла рашэньне, што на кожнай акрузе павінен быць адзін кандыдат ад дэмакратычных сілаў. Ведаю, што Вы, паважаны Анатоль Уладзіміравіч, плянуеце балатавацца па Сухараўскай выбарчай акрузе. Я таксама пляную балатавацца па гэтай жа акрузе, дзе маю шматгадовы досьвед працы з выбарцамі як незалежны кандыдат і – што немалаважна – дзе пражываю. З улікам дастатковага часу, што застаўся да пачатку кампаніі, а таксама скарыстоўваючы з толькі нядаўна агучанага Палітрадай АДС новага падыходу да вызначэння “адзіных кандыдатаў”, я хацеў бы звярнуцца да Вас з прапановаю.
Мая прапанова заключаецца ў тым, каб правесці “перадвыбары” дзеля вызначэньня найбольш пэрспэктыўнага кандыдата па нашай акрузе. Адкрыты агульны сход прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці нашай акругі – найлепшы мэханізм у дадзеным выпадку, які дазволіць, сярод іншага, выявіць наяўнасьць мясцовай каманды і ацаніць мабілізацыйны патэнцыял кожнага з прэтэндэнтаў.
На маё перакананьне, Ваш станоўчы адказ на дадзеную прапанову дазволіць нам, прыхільнікам дэмакратычных зьменаў да лепшага у нашай краіне, прадэманстраваць празрыстасьць і ўзважанасьць падыходу ў вырашэньні пытаньня “адзінага кандыдата” і пазьбегнуць магчымых непаразуменьняў у далейшым. Я гатовы ў самы бліжэйшы час абмеркаваць з Вамі тэхнічны бок правядзеньня “перадвыбараў” сярод выбарцаў Сухараўскай выбарчай акругі №102 (у межах 2004 г.).
З павагай,
Аляксандр Лагвінец
Кандыдат у дэпутаты Менскай гарадзкой Рады па Сухараўскай выбарчай акрузе №27 у 2007г.
Каардынатар збору подпісаў па Сухараве у падтрымку вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў у 2006 г.
Кандыдат у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў па Сухараўскай выбарчай акрузе №102 у 2004г.






